ОБ ИЗДАНИИ | РЕДАКЦИЯ | РУБРИКИ | АРХИВ | РЕКЛАМА | ПОДПИСКА | E-MAIL

НАЙТИ: на:



№34 (314)
22 - 28 августа 2003 года







      №34 (314) 22 - 28 августа 2003 года

ЮБИЛЕЙ

Тэрыторыя свабоды Уладзiмiра Арлова

Аксана ЯНОўСКАЯ,
фота Дзяніса РАМАНЮКА

      Напярэдадні 50 годдзя пісьменніка з ім сустрэлася наша карэспандэнтка, каб пагутарыць аб літаратуры і жыцці.

     - Спадар Уладзімір, вядома, што Вы шмат вандравалі па краіне: калі разам з пісьменнікамі, калі з сябрамі–бардамі. Ці працягваеце вы такія вандроўкі-сустрэчы? У які бок змяніліся людзі за гэты час?

     
- Сапраўды, цыганская кроў, што змяшалася ў маіх жылах з беларускаю, зноў і зноў выпраўляе мяне ў блізкія і далёкія падарожжы, што ў маёй іерархіі каштоўнасцяў заўсёды стаялі вельмі высока. Але гэта не толькі так званая зваротная сувязь з тымі, для каго урэшце пішаш. Тут цябе таксама чакаюць героі, прыгоды, сюжэты, часам – добрая порцыя адрэналіну. З’ездзіць на Палессе бывае цікавей, чым ляжаць дзе-небудзь на марскім беразе, бачачы на даляглядзе чараду вярблюдаў. Адна знаёмая амерыканка беларускага паходжання, наслухаўшыся маіх аповядаў пра вандроўкі да чытачоў, патрабуе напісаць пра іх, гэтыя вандроўкі, цэлую кнігу. Калі пагаджуся, то кніга атрымаецца, напэўна, досыць вясёлая.

     У гэтай віртуальнай кнізе я змясціў бы і чытацкія пытанні са свайго архіву. Яны былі б найлепшым адказам на Вашае пытанне пра тое, у які бок змяніліся за апошнія гады нашы суграмадзяне. Вядома, адчуваецца стома, бо людзі чакаюць марна пераменаў у палітыцы, эканоміцы, культуры. Дакладней, перамены ёсць, але з іншага разраду. Аднак я не казаў бы пра суцэльную апатыю і чорны песімізм. Ведаеце, якія пытанні на маіх сустрэчах самыя тыповыя – “Як стаць беларусам?”, “Як выхаваць дзіця беларусам?”, “Як пераадолець псіхалагічны бар’ер і загаварыць па-беларуску ў незнаёмым асяроддзі?” І пытаюцца найперш старшакласнікі і студэнты, тыя, ад каго залежыць лёс краіны ў ХХI стагоддзі. А паколькі такія пытанні паўтараюцца мноства разоў, маю для іх аўтараў канкрэтныя рэкамендацыі. Да прыкладу, раю пераадольваць згаданы псіхалагічны бар’ер у краме ці на рынку, калі ў руках у вас сотня даляраў і вы робіце прыстойную пакупку. У такі момант вашу беларускую мову зразумеюць і пастараюцца адказаць на ёй не толькі суайчыннікі. Нечаканыя здольнасці да нашай мовы могуць адкрыцца раптам і ў чалавека з якой заморскай краіны.

     Але пытанні ад чытачоў прыходзяць самыя неспадзяваныя. Зараз зазірнуў у сваю калекцыю. Да прыкладу пытанне: “Вы займаецеся гісторыяй, а ці не даводзілася Вам сустракацца з нечым загадкавым, як, скажам, егіптолагам з “помстаю фараонаў”, або вось гэтае (цытую на мове арыгінала): “Правда ли, что вы – цыган? Я ужасть как не люблю мужчинок–цыганов. Что вы подсоветуете?” А на выступе ў летніку маладых эколагаў неяк прыйшла цыдулка: “Ці трэба сучаснай беларускай дзяўчыне–падпольшчыцы ведаць нацыянальную гісторыю?”

     - Шмат хто заўважае, што у нас з’явілася вялікая колькасць людзей, якія нічога не ведаюць аб гісторыі Беларусі і нават такіх “раскручаных” помнікаў, як Нясвіжскі палац. Не ведаюць яны не толькі твораў, але нават не чулі прозвішчаў сучасных паэтаў і празаікаў. Увогулле, не ведаюць нічога добрага пра Беларусь. Чаму так? Няўжо ў школах перасталі вывучаць гісторыю і літаратуру? Ці, калі там дрэнна вучаць, дык няўжо немагчыма з прычыны недастатковасці інфармацыі заняцца самаадукацыяй? Ці гэта нейкая душэўная лянота і спустошанасць?

     
- Ні для каго не таямніца, што апошнім часам вельмі своеасабліва рэдагуюцца падручнікі гісторыі, літаратуры і нават энцыклапедыі. Разгарніце 9-ы том Беларускай энцыклапедыі, выдадзенай у 1999 годзе, і прачытайце артыкул пра Курапаты. Здаецца, мы ўсе даўно ведаем, хто і каго растрэльваў у тым жудасным месцы. А вось апошняя рэдакцыя энцыклапедыі падкідвае думку пра “ахвяраў фашысцкага генацыду”. Пра колькасць саміх гэтых ахвяраў на ўсялякі выпадак - ні слова. А яшчэ ж у 1997 годзе Энцыклапедыя гісторыі Беларусі называла рэчы сваімі імёнамі і падавала афіцыйныя лічбы растраляных супрацоўнікамi НКУС – ад 30 да 100 тысяч чалавек.

     У гэтай сітуацыі ў школах і універсітэтах шмат залежыць ад асобы і пазіцыі выкладчыка. Можна на ўроку казаць вучням пра 1000–гадовую традыцыю нашай дзяржаўнасці, запачаткаваную полацкім княствам. А можна тлуміць юныя галовы замшэлай догмай пра тое, што беларусы атрымалі дзяржаўнасць дзякуючы Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі, як аўтар толькі што выдадзенага “навучальнага дапаможніка” Якаў Трашчанок.

     А наогул, тым, хто сумняваецца, што мы, беларусы, маем мінулае, вартае еўрапейскага народа, раю ўзяць у рукі кнігу “Краіна Беларусь”, якую мы зрабілі з мастаком Змітром Герасімовічам. Там некалькі ўзроўняў успрымання, і для пачатку можна паглядзець 2.000 ілюстрацый – летапісныя мініяцюры, гравюры сярэднявечных хронік, рэдкія фотаздымкі...

     Я лічу нашу еўрапейскую гісторыю своеасаблівым пропускам у еўрапейскую будучыню. Але каб гэты пропуск пачаў дзейнічаць, трэба выбрацца з бездані беспамяцтва.

     - Напісаць добры твор – вялікая справа. Але ж трэба, каб ён дайшоў да чытача. Вы знаходзіце магчымасць друкаваць свае творы ў прыватных выдавецтвах. Няхай з нейкімі прыгодамі, але выходзяць Вашы творы і ў дзяржаўных выдавецтвах. Вы “сам сабе менеджэр” ці працуеце з літаратурным агентам, які ўзяў на сябе арганізацыйна-выдавецкія клопаты?

     
- Наконт прыгодаў, што могуць напаткаць твор у дзяржаўным выдавецтве, я з Вамі цалкам згодны. Увесну выйшла мая кніжка прозы “Ордэн Белай Мышы”, за што я шчыра ўдзячны “Мастацкай літаратуры”. А вось таму пільнаму дзеячу, які рэдагаваў у кнізе малюнкі нашага вядомага мастака Аляксея Марачкіна, хачу сказаць асаблівае “дзякуй”. Каб адзін мой персанаж, крый Божа, нікога не нагадваў, на Аляксеевым малюнку вусы выцягнулі роўна ў два разы і падкруцілі ўгору. Самае цікавае, што ілюстрацыя бралася з альбома, і малюнак гэты Марачкін зрабіў ажно 25 гадоў таму. Яшчэ аднаму персанажу, увасобленаму А. Марачкіным, дбайцы аб нашай цнатлівасці адрэзалі тое, што называюць мужчынскім гонарам. У выніку гэтых ды іншых прыгодаў, што хутка сталі здабыткам прэсы, кніга атрымала добрую дадатковую “раскрутку”.

     Што да літаратурных агентаў, то ў нашых умовах пра іх даводзіцца пераважна марыць у вольную хвіліну. Вольную ад гэтых самых “арганізацыйна–выдавецкіх клопатаў”. Я рады, што частку іх апошнім часам бярэ на сябе мой сын Багдан. Але ён зусім не рыхтуецца ў літагенты - цяпер, напрыклад, перакладае з іспанскай на беларускую мову навелу Хуліо Картасара. Такім чынам месца майго літаратурнага агента застаецца вакантным.

     - Мне ўжо даводзілася чуць ад Вашых былых прыхільнікаў: Арлоў не пасаромеўся, каб пра яго кніжку надрукавала “Советская Белоруссия” і нават рэкламу па беларускім тэлебачанні замовіў. Зазначу, што я лічу такія размовы прыкметай убоства “абвінаваўцаў”. А якое ваша стаўленне?

     
- Гаворка, як я разумею, ідзе пра тую самую “Краіну Беларусь”. А што пра яе, ды яшчэ ў выглядзе выключэння па-беларуску, напісала “СБ”, мне спадабалася. Прынамсі, гэта лепей, чым убогія па думцы і духу артыкульчыкі на тэму, ці патрэбна нам беларуская мова. Між іншым, якраз у тыя дні, калі з’явілася публікацыя, новы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі забараніў праводзіць прэзентацыю “Краіны Беларусі” ў падуладных яму сценах. Напэўна, не чытае “Советской Белоруссии” і не ведае, што А.Лукашэнка падараваў некалькі дзесяткаў экземпляраў нашай кнігі прадстаўнікам таленавітай моладзі.

     Рэклама на тэлебачанні? Марыў бы я мець такія грошы, каб самому замаўляць там рэкламныя ролікі. А каб і меў, дык лепей арганізаваў бы на гэтыя грошы курсы па мове і гісторыі для супрацоўнікаў АТН ці для маэстра Хрусталёва, які нядаўна паведаміў нам, што аказваецца, ці то беларускага народа ўвогулле няма, ці то такіх народаў адразу два, бо на захадзе, маўляў, жыве адзін, а на ўсходзе – другі. А Хрусталёў, мабыць, недзе паміж імі. Ну, а да рэкламнага роліка, які зняў пра нашу кнігу Уладзімір Янкоўскі, у мяне стаўленне даволі складанае. Спачатку ў кагосьці нарадзілася “бліскучая” ідэя зрабіць гэты ролік па-расейску і на фоне беларускай кнігі пра гісторыю заклікаць “найти свои корни”. Зрэшты, гэта цалкам у духу нашага суперсучаснага і “супернацыянальнага” TV. На шчасце, геніяльны ход з дапамогаю фундатараў удалося своечасова “зарэзаць”.

     А “абвінаваўцам” жадаю паспець набыць кнігу, каб потым не чакаць перавыдання.

     - Спадар Уладзімір, вы пісьменнік і гісторык у адной асобе. Таму хацелася б даведацца, якой вы бачыце будучыню Беларусі праз 10 і 50 год.

     
- Гістарычныя прадказанні – рэч надзвычай рызыкоўная. Аднойчы ў «Дневнике писателя Ф.Достоевского» я прачытаў наступнае: “Благословенны потомки наши, которые увидят Россию в 1941 году». На пытанні пра Беларусь праз 10, 50, 100 гадоў я звычайна адказваю так: “Веру, што на палітычнай карце свету застанецца краіна з гэтаю назвай і што ў кожнай яе кавярні афіцыянты будуць разумець, што такое “кубачак кавы” і “келіх чырвонага віна”.

     - Традыцыйнае пытанне: што у вас на пісьмовым стале?

     
- Я – чалавек прымхлівы і таму хітраваты. На маім пісьмовым стале – букецік бяссмертнікаў, якія ў народзе называюць таксама сухаветкамі. А побач с кветкамі – новая кніжка з лірычнаю назвай “Адкусі галаву вароне”. Яна яшчэ пахне друкарскаю фарбаю. Цудоўны, скажу Вам, пах!

     - Што Вы робіце, калі бачыце, як у метро ці ў тралейбусе нехта чытае Вашу кніжку?

     
- Тут усё залежыць ад майго настрою і ад таго, хто чытае. Калі гэта дзяўчына, а настрой – адпаведны, магу, захоўваючы інкогніта, выказаць меркаванне, што маёй суразмоўцы будзе значна цікавей схаваць кнігу і выпіць са мной кавы ці чаго мацнейшага.

     - Ваша любімае выслоўе?

     
- Іх некалькі. “Карабель, які не ведае, у якую гавань плыве, ніколі не дачакаецца спадарожнага ветру”. “Чалавек павінен ведаць што-небудзь пра ўсё, і ўсё – пра што-небудзь”. І словы Махатмы Гандзі: “Каб у мяне не было пачуцця гумару, я б даўно скончыў жыццё самагубствам”.

     - Што для Вас літаратура?

     
- Калі коратка – тэрыторыя свабоды.


Copyright © 2003 «ЭкспрессНОВОСТИ»
Hosted by uCoz