N 5 (337)
30 января - 5 февраля 2004 года



НАЙТИ:на:








      N 5 (337) 30 января - 5 февраля 2004 года

ПЕРСОНА

Вандроўкі пісьменніцы

Аксана ЯНОЎСКАЯ,
фота з архіва В.Іпатавай

      У мінулым годзе Вольга Іпатава правяла больш за 70 сустрэч з чытачамі ў розных краінах

      З Вольгай Міхайлаўнай я сустрэлася ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Спачатку, так бы мовіць, мы аддалі належнае матэр'яльным успамінам пра сустрэчы з чытачамі. Вялікі стос фотаздымкаў з розных куткоў нашай краіны, Калінінграда, Манрэаля, Таронта, Вільні... Некалькі лістоў з пытаннямі чытачоў. У нас жа, як вядома, пісьменнік - больш, чым пісьменнік, таму ў Вольгі Міхайлаўны нават спрабавалі даведацца, "чаму такі нецікавы першы канал беларускага радыё". Быў яшчэ шэраг пытанняў, якія не маюць ніякага дачынення да пісьменніцкай творчасці, але ж людзі хочуць пачуць адказ...

     - Вольга Міхайлаўна, Вы спецыяльна рабілі нейкія захады, каб наладзіць гэтыя сустрэчы, ці, можа, як раней, у Саюзе пісьменнікаў пачало працаваць бюро прапаганды, якое якраз арганізацыяй сустрэч і займалася?
     
- Так сталася, што ў грамадзкасці абудзіўся нейкі інтарэс, ці то зорка такая нада мной засвяціла, але ў мінулым годзе як ніколі ў жыцці я пачала атрымоўваць запрашэнні ад самых розных людзей і суполак. Так да прыкладу, у Калінінград мяне і гурт "Стары Ольса" запрасіў старшыня беларускага культурнага таварыства Ігар Шаховіч. Ён знайшоў спонсараў, каб у нас была магчымасць цэлы тыдзень жыць у Калінінградзе. Ведаеце, некалькі дзён мы жылі на прыватнай кватэры, у сям'і. Гэта нават цікавей, чым у гатэлі: з першых вуснаў даведваешся аб жыцці ў суседняй краіне. Каб вы толькі бачылі, у якой прыгожай хаце я жыла! Мая зямлячка Ирына Яроменка ператварыла сваю звычайную панэльную кватэру ў сапраўдную беларускую хату! Ирына Яроменка шырока вядомая ў Калінінградзе сваёй творчасцю: тчэ габелены і пляце мэблю з лазы. Таму яе кватэра выглядае фантастычна прыгожа!

     Ну, а што да бюро прапаганды, то няма, на жаль, у нас такой структуры, якая б сапраўды знаёміла чытачоў з пісьменнікамі. Але калі паэт, празаік цікавы чытачам, то людзі самі праявяць ініцыятыву і запросяць яго.

     - У савецкія часы ў гэтага бюро прапаганды быў план: колькі арганізаваць сустрэч з членамі СПБ, мелiся i грошы пад гэтую справу. Цяпер іншыя часы: няма ні плану, ні грошай. Як Вы вандравалі па Беларусі? Ці ёсць у нас людзі, якія гатовыя хоць бы аплаціць дарогу і гатэль пісьменніку?
     
- На вялікае шчасце, у нас такія людзі ёсць! І ведаеце, што мяне асабліва ўсцешыла? Яшчэ якіх год дзесяць таму на сустрэчах з беларускамоўнымі пісьменнікамі можна было пачуць: "Говорите на человеческом языке". Цяпер такога няма. У людзей з'яўляецца інтарэс да сваёй мовы, гісторыі, культуры. Днямі я буду выступаць у элітным клубе, дзе збіраюцца бізнесоўцы, з аповедам "Беларускі на троне". Хай сабе яшчэ гэтыя людзі і не размаўляюць па-беларуску, але ў іх ужо з'явіўся такі інтарэс, гэта вельмі добра. Я спадзяюся, што хто-небудзь з іх абавязкова аддасць сваіх дзяцей вучыцца ў беларускамоўны клас.

     Што тычыцца паездак, то калі-нікалі я проста купляла білет на электрычку ці муж вёз на сваёй машыне. Радасць сустрэчы з цікавымі, неабыякавымі людзьмі ні за якія грошы не купіш. Падарожжы ў электрычцы маюць сваю перавагу: там зноў-такі можна пагутарыць з людзьмі, нешта нават адкрыць для сябе. А калі аднойчы я ехала аўтобусам праз Навагрудак, то падчас яго прыпынку паспела схадзіць на могілкі і пакласці кветкі сваёй маме.

     - Вольга Міхайлаўна, можа ёсць нейкая сустрэча, горад, якія Вас больш за ўсё ўразілі?
     
- У Залессе, на радзіму Міхаіла Агінскага, мяне запрасіла дзяўчына-інвалід, клічуць яе Дар'я Ліс. Уявіце: маладая прыгожая дзяўчына, прыкаваная да інваліднага крэсла, бярэ на сябе вялікую арганізацыйную працу: трэба ж дамовіцца з школай, стэлефанавацца са мной, запрасіць людзей. На Каляды я атрымала ад яе ліст з віншаваннямі, а таксама яна даслала свае вершы, я іх ужо перадала ў часопіс "Дзеяслоў". Так што, можа, хутка ў нас з'явіцца таленавітая паэтэса.

     Вельмі парадавала паездка ў Глуск. Там ушанавалі як мае быць свайго выбітнага земляка - паэта Сяргея Грахоўскага. Дзякуючы намаганням мастака Вячаслава Захарынскага і рэдактара раённай газеты Навума Сандамірскага ў Глуску адчынены музей, бульвар названы імем паэта і пастаўлена стэла. Зразумела, што ўсё гэта магчыма толькі пры падтрымцы мясцовай улады, у прыватнасці, старшыні Глускага райвыканкама Мікалая Пятровіча Дзядзюлі.

     - Ці былі іншыя прыклады, калі, наадварот, нехта баяўся даць памяшканне для сустрэчы? Кажуць, такія выпадкі здараюцца?
     
- На шчасце, са мной такога не было. Мяркую, што я зазнала гора, калі наклад маёй ужо надрукаванай кнігі "Альгердава дзіда" быў арыштаваны на працягу года. Прыйшлося прайсці чатыры суды, каб вызваліць кніжку і каб яе пабачыў чытач.

     - Наколькі я ведаю гэтую гісторыю, то справа не ў "крамольным" змесце трох раманаў на гістарычную тэматыку, сабраных пад адной вокладкай, а ў нейкіх там фінансавых справах...
     
- Так, фармальнай прычынай была завінавачанасць Літфонда, а на самой справе, я думаю, гэта была помста пэўных людзей за маю грамадзянскую пазіцыю. Ведаеце, адзін з калегаў сказаў: "Чаго Вы турбуецеся, што кніжка ляжыць год. Скарына чакаў некалькі стагоддзяў, каб дайсці да чытача".

     - Даволі прыемнае параўнанне. Але давайце вернемся да тэмы Вашых вандровак. У Вільні Вы сустракаліся з вучнямі беларускай гімназіі...
     
- У Вільні я была толькі адзін дзень, але паспела сустрэцца не толькі з вучнямі, але і са сваімі даўнімі знаёмымі, сябрамі. У свой час, калі я працавала на гродненскім тэлебачанні, зрабіла шэраг перадач з успамінамі старых віленчукоў. У Вільні і сёння жывуць дарагія мне людзі. Іншая справа, што многія з іх у цяжкім роздуме: як успрымаць сённяшнюю беларускую ўладу. Таму нехта будуе свае адносіны з людзьмі па прынцыпу: а ты за каго? Мне, паўтару, людзі дарагія як асобы, а не як прыхільнікі той ці іншай партыі, руху.

     - Вольга Міхайлаўна, а як Вы апынуліся ў Канадзе?
     
- Па запрашэнню Згуртавання беларусаў у Канадзе. Гэта вельмі цікава і прыемна бачыць, як людзі, што жывуць праз акіян ад Радзімы, захавалі яе ў душы, у побыце. Нават шчыміць сэрца, калі бачыш на канадскай мэблі беларускую вышыванку. Там людзі на ўсе святы ходзяць толькі ў нацыянальных строях. Я ўжо такую моду заводжу і ў Мінску - на з'езд Таварыства беларускай мовы акрамя мяне яшчэ дзве жанчыны прыйшлі ў беларускіх нацыянальных строях. У Канадзе я вельмі цесна кантактавала з Марысяй Ганько. Адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яна разам са сваім мужам, тагачасным старшынёй Згуртавання беларусаў у Канадзе, пачала актыўна займацца дабрачыннай дзейнасцю. Дзякуючы намаганням гэтай беларускай сям'і з далёкай Канады ў нашу Беларусь прыбывала гуманітарная дапамога. На працягу некалькі год яны запрашалі дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад аварыі, на адпачынак у Канаду.

     У сям'і Пашкевічаў я ўбачыла самую вялікую прыватную бібліятэку беларускай кнігі. Не кажучы ўжо пра тое, што ў кожным доме шмат вышытых ручнікоў, розных рэчаў, якія нагадваюць пра Радзіму. А самае галоўнае, што ў англамоўнай краіне людзі захавалі беларускую мову.

     - Вольга Міхайлаўна, а ці былі на сустрэчах людзі, якія з нейкай, так бы мовіць, перасцярогай ставіліся да Вас, ці ўвогуле да беларускамоўнай інтэлігенцыі?
     
- Так. У адным нашым горадзе загадчыца бібліятэкі адмовілася дазволіць арганізаваць сустрэчу ў памяшканні бібліятэкі. Ёй чамусьці падавалася, што я буду гаварыць пра палітыку. Людзі, якія мяне запрасілі, знайшлі іншае месца, і яна туды прыйшла. Пасля сустрэчы гэта жанчына зразумела, што я не займаюся палітыкай, мой інтарэс - культура, мова, духоўнасць. На жаль, у нас і гэтыя пытанні часам становяцца палітыкай. Потым яна падыйшла да мяне і сказала, што будзе шукаць магчымасць, каб зноў запрасіць мяне ў гэты горад і ўжо ў бібліятэку. Увогуле, вялікая памылка, што на старонках холдынгавых выданняў гэтак жа, як на радыё і тэлебачанні, ёсць забарона на выступ пэўных пісьменнікаў. Гэта - недэмакратычна. Калі ўжо хто хоча ваяваць, дык трэба ваяваць ідэямі, а не магчымасцю нешта забараніць друкаваць, некага некуды не пускаць. Ніколі яшчэ такімі метадамі не дасягалі добрых вынікаў.

     - А ці былі прыемныя сюрпрызы на гэтых сустрэчах?
     
- І вельмі шмат. Напрыклад, мы былі завочна знаёмыя з Рэнальдам Кнышом. Яго знакамітыя выхаванкі-гімнасткі раслі на маіх вачах, калі я жыла ў Гародні. А на сустрэчы ён падарыў мне тры кніжкі сваіх вершаў.

     У вёску Гудзевічы, у краязнаўчы музей, мы прыехалі разам з намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Міхасём Скоблам, яго жонкай - спявачкай Наталляй Матыліцкай і іх дачушкай. Музей стварыў вядомы краязнаўца Алесь Белакоз. Дык вось там я ўбачыла свой фотаздымак, на якім я разам з Ларысай Геніюш. Мяне гэта так ўзрадавала, бо я ўсё засмучалася, што на памяць аб гэтай вялікай жанчыне ў мяне толькі яе лісты і няма фота. Цяпер такі здымак ёсць у музеі і копія ў мяне асабіста.

     - Вольга Міхайлаўна, ці збіраецеся Вы працягваць вандроўкі да чытачоў?
     
- Абавязкова. Я нават падала заяўку на грант у Міністэрства культуры менавіта на такую дзейнасць. Нягледзячы на тое, што мінулыя мае звароты аказаліся па-за увагай чыноўнікаў. Яшчэ будучы старшынёй СПБ я звярталася ў Мінкульт з заяўкай на два гранты. Першы - на арганізацыю сустрэч з пісьменнікамі. Я ж і цяпер не заўсёды вандрую адна. Калі-нікалі выбіраемся кампаніяй. Напрыклад, не раз вандравалі з Эрнэстам Ялугіным, Сяргеем Панізнікам, Уладзімірам Конанам, Лідзіяй Савік, Антанінай Хатэнка. Другі грант я марыла атрымаць на арганізацыю юбілейных вечарын пісьменнікаў. Усё ж каштуе грошай. Не кожны сам можа знайсці тых жа спонсараў, каб хоць запрашальныя білеты надрукаваць. Ды і не павінен сам юбіляр гэтым займацца. Тады не ўдалося атрымаць гранты, паглядзім, што будзе зараз. Але калі і цяпер не будзе падтрымкі з боку дзяржавы, а чытачы паклічуць, то сяду ў электрычку (а мне, як пенсіянерцы, білет са зніжкай) і паеду.

     - Вольга Міхайлаўна, цяпер у Радзе Саюза пісьменнікаў шмат моладзі. Ці не балюча праходзіць змена пакаленняў?
     
- Не, не балюча. Я лічу сённяшняе кіраўніцтва СПБ пераемнікам дэмакратычных традыцый. Ведаеце, вельмі не люблю, калі кажуць - сталінскі саюз пісьменнікаў. Так, ствараўся ён пры Сталіне, але амаль адразу і перарос таталітарныя тэндэнцыі. На працягу не аднаго дзесятка год Саюз пісьменнікаў Беларусі быў і застаецца аплотам беларусчыны.

     Увогуле, на змену нашаму пакаленню прыходзяць маладыя таленавітыя творцы. Напрыклад, зараз я з задавальненнем удзельнічаю ў праекце "Беларуская паэзія ў нямецкіх перакладах у Інтэрнеце". У ім прадстаўлены паэты розных пакаленняў: Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, Леанід Дранько-Майсюк і іншыя. Увосень адбудзецца вечарына "Нямецкая паэзія ў беларускіх перакладах". Як бачыце, да беларускага слова ёсць цікавасць ва ўсім свеце. Таму я аптымістка, а мой аптымізм грунтуецца на людзях, якія кожны дзень робяць нейкія важныя справы: пішуць вершы, рэстаўруюць старажытныя замкі, вучаць дзяцей, будуюць дамы.

     Больш падрабязна пазнаёміцца з асобай Вольгі Іпатавай можна праз літаратурны партрэт «Адна між замкаў», створаны Лідзіяй Савік.

     У апошнія гады выйшлі кнігі Вольгі Іпатавай:
     «Паміж Масквой і Варшавай» (на беларускай і нямецкай мовах) - 1996г.
     «Золотая жвица Ашвинов» - 2000г.
     «Альгердава дзіда» - 2003г.
     «Прадыслава» - 2003г.




Каталог+поисковая система КАТАЛОГ+РЕЙТИНГ -> Добавь свой сайт Rating All.BY


Copyright © 2003 «Экспресс НОВОСТИ»
Hosted by uCoz